Tuesday, August 25th, 2009

З ПАДМОСЬЦЯ ЛЕЗЕ ГЭТЫ ЖАХ...

Даўно я ня браўся за Rammstein.

Rammstein
Сэрца жар
Ну ж, дзеткі, слухаем сюды,
Я змрочны голас пад падушкай,
Зьдзіўлю вас пэўна сапраўды
З маіх грудзей падраных штучкай.

Во з гэтым сэрцам здольны я
Замкнуць нараз чужыя вочы.
Ліецца песенька мая.
Палае ўсьцяж нябёс абшар –
сэрца жар!

І пачынаюць па начах
Пачвары, здані, ведзьмы сноўдаць,
З падмосьця лезе гэты жах,
Каб зазірнуць урэшце вам пад коўдры.

Ну ж, дзеткі, слухаем сюды,
Я змрочны голас пад падушкай,
Зьдзіўлю вас пэўна сапраўды:
Палае ўсьцяж нябёс абшар –
сэрца жар!

Яны прыходзяць па начах
Скрадаюць вашы чыстыя сьлязінкі,
Узыйдзе поўня, і ў працяг
Растопяць імі ў маіх венах льдзінкі.

Ну ж, дзеткі, слухаем сюды,
Я змрочны голас пад падушкай,
Пяю да раньня я заўжды.
Палае ўсьцяж нябёс абшар –
сэрца жар!

[2001?]

Пераклаў у 2009 г. зь нямецкай Сяргей Балахонаў паводле Rammstein. Mein Herz brennt
(14 comments | Leave a comment)

Saturday, August 8th, 2009

КЛАНЯЮСЯ Ў НОЖКІ

Калі ў 1995 г. мне ўпершыню патрапілася газэта "Наша Ніва", я ня ведаў, хто ўсе гэтыя людзі. Не, многія імёны былі знаёмыя па іншых тагачасных выданьнях. Але ўражаньне таямнічасьці мяне не пакідала. Я падпісаўся. Праўда, ўвосень газэта проста перастала да мяне даходзіць. На пошце казалі, што чарговых нумароў не дасылалі. Я плюнуў і рабіць падпіску на 1996 г. ня стаў, нават не праверыў, ці ёсьць "НН" у каталёгу. Але зь вясны 1996 г. яна стала выходзіць штотыднёва, дый яшчэ з рэклямным дадаткам "Інфарматар", дзе друкаваліся кошты на гародніну і іншыя цікавосткі. Падпісаўся. Чытаў. Чытаў і думаў, якія ж разумныя людзі працуюць у "Нашай Ніве", куды мне да іх. У той час я ўжо нешта пісаў. Але яно, звычайна, не выходзіла за межы маёй шуфляды. Наважыцца ж даслаць свой твор у "НН" я ня змог бы тады нават пад прымусам. Мяне пужаў не Дубавец ці Паўлоўскі (я нават ня ведаў, што гэта адзін і той жа чалавек). Больш за ўсё баяўся я кучаравага армяніна, загорнутага ў амэрыканскі сьцяг. Менавіта такая фотка суправаджала ці ня кожны допіс Андраніка Антаняна. Яго допісы вызначаліся рэзкасьцю, безапэляцыйнасьцю, ваяўнічасьцю. Чытаючы іх, раз-пораз хацелася схавацца пад коўдрай ці закрычаць па старой памяці: "Тата, я больш ня буду!". Зборнік вершаў аднаго паэта Антанян у колькіх абзацах раскрытыкаваў так, што ажно поўсьць па ўсёй этнаграфічнай тэрыторыі Беларусі ляцела. А яшчэ ён іншым разам прыгадваў аўтамат. Не таксафон, а той, што страляе. Тах-тах-тах. Думалася, дашлеш які свой творык у "Нашу Ніву" і адразу ж патрапіш пад аўтаматную чаргу, можа нават з трасіруючымі кулямі... Таму я нічога ў "НН" і ня слаў. Яно і да лепшага, бо насамрэч было рана. Я да гэтага часу ўдзячны Андраніку Антаняну за тое, што ён, ня ведаючы сам, стрымаў мяне ад непрадуманых творчых крокаў. А мой час пужаць нашаніўскіх чытачоў наступіў самсобку ў канцы 1990-х гг., дзякуючы ня толькі маім парываньням, але і блаславеньню з боку рэдакцыі, якой таксама нізкі паклон.
(15 comments | Leave a comment)

Wednesday, July 29th, 2009

У ВЫРАЙ ЛЕДАКОЛАМІ



Мілая Вольга!
Ты, як заўсёды зазірнеш на гэтую старонку і моўчкі сыйдзеш. Так ужо ж склалася гістарычна. Але спадзяюся, што Табе будзе прыемна ўбачыць маё чарговае віншаваньне з Тваім Днём Народзінаў. Я віншую Цябе зь ім і зычу ўсяго самага-самага лепшага, як бы банальна гэта ні гучала. Адзінае, чаго ня стану зычыць, дык гэта каханьня, бо яго ў цябе і так заўсёды будзе вельмі-вельмі многа. Таму не крыўдуй і прымі бонусам мой пераклад песьні J:МОРС "Ледаколы". Помню. Цалую. Люблю.

Ледаколы
Ведаю – гарым, ды перад намі сотні кіламетраў
Мы з табой на дне – марскімі зоркамі ў падводных нетрах
Без паветра
Лёгка змарнець
Бераг асвяці агнём і кліч – мне трэба чуць твой голас
Вецер зноў не спадарожны – я прыйду, але праз полюс
Без паветра
Цяжка ляцець

Ў вырай ледаколамі, разбіваючыся ўшчэнт
Цішу разрываючы, злеглі пад пясчаны плед
Не хлусі сабе сама заставайся на плыву
Ты маўчыш, ды не змаўчаць вуснаў дрогкіх хараству

Абсалютны ноль, адлюстраванне ў незнаёмых тварах
Ападае соль, тваіх вачэй ёй не адолець чараў
Ёй не марыць
Нам летуцець
Толькі не маўчы, сэрцабіцця папросту не стае мне
Можа мы згарым без шкадаванняў і нуды ўзаемнай
Будзем марыць
Будзем ляцець

Ў вырай ледаколамі, разбіваючыся ўшчэнт
Цішу разрываючы, злеглі пад пясчаны плед
Не хлусі сабе сама заставайся на плыву
Ты маўчыш, ды не змаўчаць вуснаў дрогкіх хараству

Пераклад зроблены паводле тэкста з буклета да дыску J:МОРС "Ледоколы. Live" (2007 г.)
(6 comments | Leave a comment)

Tuesday, July 14th, 2009

І МЫ НЕ Ў АДНОЙ ПАСЬЦЕЛІ...

Зямфіра Рамазанава
Ня плыгкае

На небе ветах зноў,
і мы не ў адной пасьцелі.
Ярчэй – ад таго нясьмела
вазьму разгон і ў вакно:
я веру, ня будзе болю:
я помню, як трапна цэліць...

працяг перакладу )
(25 comments | Leave a comment)

Sunday, July 12th, 2009

КРЫШАДЗЮБ

Стыў Айлет
Крышадзюб

Тэры Тантамаўнт жыў, быццам кацянё, якое караскалася па лесьвіцы. Ён і блізка не ўяўляў, як трэба слушна казаць у той ці іншай сытуацыі. Дый наагул яго разуменьне слушнага і няслушнага выглядала вельмі адмыслова.

– Я набрала вагу?
– Так, дзякуй богу.

На званым абедзе, калі ён узяў двух амараў, зьвёў іх разам і стаў імітаваць іх гутарку – нават тут ён ня здолеў выбзьдзець адпаведнага словаабмену. Людзей перасмыкала ад зьбянтэжанасьці. Іншым разам ён заўважаў, што яго спрабавалі абараніць, але пераважна яму бачыліся расчараванасьць, пагарда, гнеў і нават грэблівасьць.

працяг апавяданьня )
(23 comments | Leave a comment)

Wednesday, July 1st, 2009

ДУЖА ЎМОЎНАЕ ПАДАРОЖЖА

Падарожжа ў ХІХ стагодзьдзе
лімэрыкі

Аксане Пятроўне Бязлепкінай ахвярую

У Паўночных Афінах Агінскі
заляцаўся да пекнае кіскі:
прысьвяціў палянэз
і ў алькову залез,
каб любіць кіску ў рытмах Limp Bizkit.

+ 9 лімэрыкаў )
(42 comments | Leave a comment)

Thursday, June 25th, 2009

ЯРКАЯ



Яркая
Пахмурны дзень сьвінцоваю заслонаю
спрабуе скасаваць абвесны лад.
На шызым даляглядзе войска коннае
ідзе нясьпешна з боку серных шахт.

Ня страшна мне, што сонейка за хмаркаю,
і вораг блізка пад саўндтрэк грымот!
Са мною ж парасон і мая яркая
дзяўчынка, што падасьць гранатамёт...

Сем тысяч крумкачоў чакаюць допінґу
і трызнай правакуюць дэжавю,
нібы ўжо быў калісь мой плач па сонейку,
нібы да заўтра я не дажыву.

Што мне з таго! Няхай крумкачык каркае
як знак бяды, як роспачы пін-код!
Са мною абярэг і мая яркая
дзяўчынка, што падасьць гранатамёт...

За сеткаю дажджоў у здрады мудыркі:
разьлікі дасканалым целам стаць,
каб спакусіць схаванае ад публікі,
каб заюрыць сьвядомасную гладзь.

Хай здрада выйдзе пад прыстойнай маркаю
на подыюм пякельных насалод!
Не пахіснуся – побач мая яркая
дзяўчынка, што падасьць гранатамёт!

чэрвень, 2009 г.

Атрымалася трохі патасна, трохі наіўна, трохі іранічна. Спачатку зьявіўся вобраз. Фатаграфія ж знайшлася падчас падрыхтоўкі да публікацыі гэтага допісу. Гэта ў чарговы раз даказвае банальную ісьціну: у сеціве ўсё ёсьць. Трэба толькі ўмець шукаць.
(38 comments | Leave a comment)

Monday, June 22nd, 2009

ЯШЧЭ РАЗ ДА ПЫТАНЬНЯ АБ ПАТРЭБЕ ПЕРАКЛАДАЎ ПЕСЬНЯЎ НА БЕЛАРУСКУЮ

Перастварыў у беларускую пашыраную вэрсію знакамітай "Священной войны". Толькі не пытайце, на халеру мне гэта патрэбна. Лепш адразу запіце вадой.

Сьвятарная вайна
Паўстань, краіна волатаў,
На люты бой ставай
Супроць цямрэчных поглядаў,
Супроць варожых зграй.

працяг вайны )
(23 comments | Leave a comment)

Wednesday, June 17th, 2009

АНЁЛЬСКАЯ ПЕСЬНЯ

Наступны тэкст узьнік пад уплывам "Журавлиной песни" кампазітара Кірыла Малчанава і паэта Георгія Палонскага.

Анёльская песьня
Мабыць час насьпеў даўно замоўкнуць,
толькі крыўдна мне за родны кут.
Я кажу, усеўшыся на покуць:
“Ангелы здесь больше не живут”.
Я гляджу на бляклы сьлед іконы:
быў, ды зьнік архангел Міхаіл.
Каб жа ж ён забраў мае загоны,
гэтак бы я голаў не схіліў.

Можа ён ляціць над школай нашай,
паднялася – ведаю – з руін,
хай бы паглядзеў, ці шчэ на маршы
наш настаўнік CS 101.
Ён трываў запал наш хлапчуковы
і дзяўчат дурасьлівасьць штогод.
Помню, як любіў ён Кірчукову
песьню пра трох янгалаў паход.

Помніцца, мы сьціхлі між урока:
у нябёсах заіграў анёл...
Боль ірваных ранаў Рагнарока
сунімаў адно бутарфанол...
Боль ірваных ранаў Рагнарока
сунімаў адно бутарфанол.

чэрвень 2009 г.
(Leave a comment)

Tuesday, June 2nd, 2009

ПРЫЯРЫТЭТНАЕ

Жаніцца ці выдаць кнігу?
(30 comments | Leave a comment)

Saturday, May 30th, 2009

АПОШНІ АДНАРОГ

Апошні аднарог
Я зноў маўчу
ці гавару адно на мігі.
Смуга ўваччу
і шызы пыл дарог.
Дрыжыць зямля.
Я ведаю, што да Нямігі
ідзе здаля
апошні аднарог.

30 траўня 2009 г.
(1 comment | Leave a comment)

Thursday, May 28th, 2009

У ЕВЫ

У Евы
У Евы Браўн
чарговы раман
на тэму анёлаў і гітлераў.

У Евы Браўн
навязьлівы стан
афэкту й застрэмленасьць клітара.

У Евы Браўн
круты сарафан,
пілётка і сэйф са шкілетамі.

У Евы Браўн
нязнойдзены плян,
кекс яблычны зь песьнямі сьпетымі.

У Евы Браўн
малайскі туман
і Кіліманджара пад бункерам.

У Евы Браўн
пэнтхаўз і даўнтаўн,
канцлягер для нобэляў з букерам.

28.05.2009 г.
(13 comments | Leave a comment)

Wednesday, May 20th, 2009

НУ, ВЫ ЗРАЗУМЕЛІ

Казка
Колісь быў я маладзейшы,
Адно дзяўчо я ўпадабаў.
Мы плылі ў сьвятле каханьня.
Дзе той час? Куды прапаў?

Пакахаў пэўна казку я,
Боль нашу ў сабе.
Мне ўсё адно, можа я вар’ят,
Злых закляцьцяў зьбег.

Што ні дзень мы ў бой сягалі,
Што ні ноч кахалі зноў.
Мне яна была журбою,
Але ўзьняла мяне да зор агнёў.

Што зрабіў, не разумею.
Раптоўна шлях нас разлучыў.
Я цяпер яе шукаю,
Калі знайду, сябе нам не змагчы.

Пакахаў пэўна казку я,
Боль нашу ў сабе.
Мне ўсё адно, можа я вар’ят,
Злых закляцьцяў зьбег.

Яна – казка ўсё ж,
Так...
Боль нашу ў сабе.
Мне ўсё адно, можа я вар’ят,
Злых закляцьцяў зьбег.
(35 comments | Leave a comment)

Tuesday, May 19th, 2009

ГОМЕЛЬСКІЯ ЛІМЭРЫКІ

Непрызнаны поп-ідал з Палескае
сабе пуза наеў ажно трэскае.
Вось жа кажа, што сэкс,
як музычны працэс
вымагае спанатры някепскае.

Сухапутны матрос з Касманаўтаў
Ведаў шмат пра славянаў і балтаў,
аб шрубах і балтах,
пра цугундэр і швах,
таму й верыў у сьветлае заўтра.

Языкаты выкладчык з Сухога
пачынаў дзень са шклянкі сухога
й дальш за градусам бег
ці то ў дождж, ці то ў сьнег,
пеў студэнтам, што ў бога дзён многа.

Кучаравы скінгед з Касьцюкоўкі
учыняў неймверныя бойкі.
Ды адзін піянэр
яго ўзяў за каўнер
і абстрыг каля барнае стойкі.

Чарнакніжнік бялявы з Чарнігаўскай
Меркаваў учыніць free fly in the sky.
Ды чароўны заклён
нечканы даў плён.
“Nevermore” – крук крычць зь тьмы кладбищенской...
(4 comments | Leave a comment)

Sunday, May 17th, 2009

ДАЧКА

Хатняе аўдыё: чытаю свой верш "Дачка" (1,04 Мб).
(2 comments | Leave a comment)

ЭЎРАВІЗІЯ-2039

Eurovision-2039. Alexander Rybak

Саша Рыбак трыццаць гадоў апасьля.

Выява: sammo371

Upd.:

Экспромт на перамогу Аляксандра Рыбака

Усе дзяўчаты скокаюць да столі
і кіпнем пісяюць, у нэце кавардак.
Ім сёньня можна гэткае дазволіць,
бо перамог нарвэскі прынц Рыбак.
17.05.2009 г.
(9 comments | Leave a comment)

Saturday, May 16th, 2009

ДАЧКА

Дачка
Мая дачка па горадзе ідзе
зь сяброўкамі ці з новым кавалерам.
І палымнее ў бліскавіцах дзень,
І пасьпяшае рух нябесных сфэраў.

Мая дачка – наіўнае дзіцё,
што мроіць пра марозіва й каханьне.
А перад ёй вялікае жыцьцё
на трыццаць восем тысячаў сьвітаньняў.

Мая дачка гуляе ў партызан
паміж басэйнам і кавярняй зь піцай.
Яна сябе ня хоча ўвесьці ў зман,
бо ёй ад зманаў вельмі кепска сьпіцца.

Мая дачка – крыху фотамадэль –
саромеецца ўласнай прыгажосьці.
Вясновы дождж ёй дорыць акварэль.
Яна ў адказ ласкава шэпча штосьці.

Мая дачка – расейка, як мы ўсе.
Москва, Москва, как много в этом звуке...
І нешта ў сэрцы чэзьне пакрысе,
як сонца напярэдадні разлукі.

вясна, 2009 г.
(36 comments | Leave a comment)

Friday, April 24th, 2009

№1

Пераклаў тэкст песьні "№1" з новага альбому J:МОРС "Аквамарин".

№1
Чуеш, я не маню
Нумар першы не дае агню
Проста ў вочы імкне, ярка сьвеціць
Руны ў тваёй галаве
Будзеш моўчкі пасьміхацца мне
Абяцаць, што і ў нас будуць дзеці

Помніш маглі
Занікаць і ляцець
Скрозь сонца напрасткі
Не пытаць
А ці вернемся назад
Назаўжды разам быць
Чароўна. Навальніцу абняць
Захлынуцца ў промнях

Чуеш, сонца ў вадзе
Нумар першы з плачам прэч ідзе
Будзем проста тупіць да дасьвецьця
Дахі ў халодным агні
Усьміхаючыся, бачыш сны
І, магчыма, у нас будуць дзеці

Помніш маглі
Занікаць і ляцець
Скрозь сонца напрасткі
Не пытаць
А ці вернемся назад
Назаўжды разам быць
Чароўна. Навальніцу абняць
Захлынуцца ў промнях
(33 comments | Leave a comment)

Friday, April 17th, 2009

ІНЖЫНЕРЫЯ ПЕРАЗАГРУЗКІ

Удзельнічаю ў праекце "Тузін. Перазагрузка". Перакладаю кампазыцыю "В небе" вось гэтых сур'ёзных чувакоў:

Міх і Базыль. Нестандартный вариант

Калі хто ня ў тэме, падкажу, што гэта Міх і Базыль з гурту Нестандартный вариант. Падрабязнасьці на Тузіне гітоў.
(Leave a comment)

Saturday, April 4th, 2009

ПТУШЫНЫМ ШЛЯХАМ

Ніжэй зьмяшчаю тэкст, які я напісаў да музыкі Дзяніса Міхасёва ў часы нашага творчага хаўрусу. Часы тыя здаюцца далёкімі і нерэальнымі. Песьня выконвалася пад дзьве гітары на талакоўскіх сябрынах.

Птушыным шляхам
Што ж, бывай, зыходжу я туды,
дзе выслаў сьцежкі Белабог.
Там, дзе кроплі чыстае вады
зьнікаюць у агнёвых снох.
Там, дзе кроплі чыстае вады,
дзе выслаў сьцежкі Белабог.

Дык бывай жа! Я іду за божым птахам.
Дык бывай жа! Я іду птушыным шляхам.
Дык бывай жа! І ня ўпрошвай азірнуцца.
Дык бывай жа! Сэнс - пайсьці і не вярнуцца.

Новы дзень імжою ахіне,
абдыме дымам і смугой.
Ты яго сустрэнеш безь мяне.
Я за гарою - твой герой.
Ты яго сустрэнеш безь мяне.
Не за гарою твой герой.

Дык бывай жа! Я іду за божым птахам.
Дык бывай жа! Я іду птушыным шляхам.
Дык бывай жа! І ня ўпрошвай азірнуцца.
Дык бывай жа! Сэнс - пайсьці і не вярнуцца.

[2001?]

Паспрабаваў яе прасьпяваць. Без гітараў і ўпэўненасьці ў дакладнасьці мэлёдыі. Сьцягнуць аўдыёзапіс песьні можна тут [1,48 Мб].
(14 comments | Leave a comment)
Previous 20