Wednesday, July 22nd, 2009

ВЫХАВАНЬНЕ ДЗЯЎЧАТ У ЧЭХІІ



Паглядзеў сёньня чэскі фільм "Výchova dívek v Čechách", які быў зьняты паводле аднайменнага раману Міхала Вівэга. Глядзеў у арыгінале, хаця чэскай мовы зусім ня ведаю. Спадзяваўся збольшага зразумець, бо пару разоў чытаў раман у перакладзе Сяргей Сматрычэнкі ([info]smatrycenka) на беларускую. Так, многае ўспаміналася. Але ж сцэнар і раман усё-ткі адрозьніваюцца. Таму падглядаць у старонкі зь беларускім перакладам было бессэнсоўна. Цікава, што значная частка эпізодаў, зьвязаных са школай у фільме адсутнічае, хаця ў рамане яны выглядаюць вельмі яскрава і камічна. Акторы спадабаліся ня вельмі. У тым сэнсе, што чытаючы раман, я ўяўляў галоўных герояў зусім іншымі. Ці не адзінае выключэньне – Крысьціна Навакава (Kristýna Nováková), якая іграла малодшаю сястру галоўнай гераіні. А ўвогуле мне здаецца, што добра было б зрабіць ня толькі беларускі дубляж гэтага фільма, а і зьняць уласна беларускі рымэйк з усёй нашай настаўніцка-літаратурнай спэцыфікай. Аднак гэта ня больш, чым летуценьні.
(16 comments | Leave a comment)

Friday, July 17th, 2009

МЕСЦА ДЛЯ КНІГ



Інтэр'ер кнігарні Vagabond у Стакгольме (Швэцыя).

Цікава, ці хопіць месца, калі на гэтыя паліцы выставіць па адным найменьні кніг беларускай мастацкай літаратуры, якія выйшлі ў прыватных выдавецтвах за апошнія гадоў пяць ?

Фота: Smånsk Design Studio
(3 comments | Leave a comment)

Wednesday, July 8th, 2009

ПАННА НЕАБАВЯЗКОВА Ў ФУТРЫ



Дзяўчына, якая адлюстравана на палатне Эль Грэка "Панна ў футры", мне чамусьці нагадвае нашу сучасьніцу, а можа нават і суайчыньніцу.

Цікава было б зірнуць на фотарымэйкі гэтай карціны з фрэндэсамі ў якасьці галоўнай постаці і неабавязкова ў футры :)
(24 comments | Leave a comment)

Friday, July 3rd, 2009

МАЕ ПРЫКАЗАНЬНІ



10 прыказаньняў скамароха
1. Хочаш, каб не паверылі – пішы праўду.
2. Хочаш, каб паверылі – выдумляй, што хочаш, і пішы.
3. Перадзірай любыя ўпадабаныя песьні.
4. Не кранай мікрафона, пакуль не адчуеш, што безь яго, як без вады.
5. Вучы ляляк казаць больш блытана, чым ты думаеш сам.
6. Фатаграфуй – можа выпадкова здымеш Бога.
7. Фільмуй – гэта, прынамсі, забаўна.
8. Фліртуй – каму трэба, той пасьмяецца.
9. Скачы – бальшыня і так пэўная, што ты даты.
10. Не бяры да сэрца, бо ўсім гэта да сракі.
(11 comments | Leave a comment)

Sunday, June 28th, 2009

МАНАХІ НА РАТУШЫ І АЎТАМАТ КАЛАШНІКАВА

Пакуль [info]fat1901 сьніў аўтамабілісцкія кашмары, я атрымліваў чарговую порцыю нуар-сноў, частым атрыбутам якіх сёньня быў аўтамат Калашнікава. На жаль (а можа і на шчасьце!), я мала чаго помню з высьненанага сеначы. Але адзін эпізод, дарма што размыта, усё-ткі згадваецца.

Вось жа, іду я з кімсьці па вуліцы Савецкай каля Піянэрскага сквэру паўз дошчаты плот, якім абгароджаны пляцык зь бюстам Грамыкі (Андрэя Андрэевіча, а то шчэ падумаеце, што тыражная беларуская аўтарка расейскага фэнтэзі Вольга Грамыка пайшла шляхам канца слоў). У рэальнасьці, калі б я глядзеў адтуль перад сабой, то бачыў бы радзільню, сумежны зь ёй дом, працяг Савецкай і прыпынак "Туалет" "Цырк". Аднак у сьне мне бачылася нейкая няісная тут будыніна, якую чамусьці назваў ратушай, хаця там не было ні вежы, ні гадзіньніка. Але быў нястромы дах з чарапіцаю (?), а на франтоне бліжэй да вільчака выразна заўважаліся два адчыненых вакна. Дык вось на даху зьявіліся постаці дзьвюх манахаў - адзін у цёмнай, другі ў сьветлай рызе. Яны спрытна кінулі па вяроўцы і спусьціліся кожны ў адно з адчыненых вакон. І вось адзін зь іх (ня помню "цёмны" ці сьветлы), апынуўшыся ў пакоі, высунуўся ў вакно з аўтаматам Калашнікава ў руках і накіраваў яго рулю на нас. Ці стаў ён страляць, не памятаю.

У іншых эпізодах былі нейкія іншыя турботы са скафандрамі і касьцюмамі хімабароны. Аўтамат быў і ў маіх руках, але патронаў у "магазе" не было. Так што я зусім марна націскаў на цынгель.

Дзе вы, вытлумачальнікі сноў?! :)
(9 comments | Leave a comment)

Sunday, June 21st, 2009

ВІДПУСТИ

Дзівосна, калі раніцай на пару хвілін заходзіш у нэт і натрапляеш на песьню "Відпусти" Океана Ельзи ў выкананьні Зямфіры Рамазанавай (той самай). Зьбянтэжана разважаеш, якую беларускую песьню яна змагла б засьпяваць на канцэртах у Беларусі, каб публіка гэту песьню пазнала і стала хорам падпяваць? Ці ёсьць у нас такія песьні? Прыхільнікі якой беларускай групы адначасова зьяўляюцца прыхільнікамі Зямфіры? Нешта мне падказвае, што гэта можа быць толькі песьня групы J:МОРС. Але да канца няўпэўнены. Зрэшты, цікава было б паслухаць, як Зямфіра прасьпявала б: "Жыві і ня ведай, мне так будзе лягчэй трываць".
(27 comments | Leave a comment)

Friday, June 19th, 2009

ГОЛАЯ ПРАЎДА МУЖЫЦКАЯ

Голая праўда мужыцкая
Тако ж полепшалъ бы грети конець всегда.
“Аристотелевы врата” (XVI ст.)

Петрака ўжо не было, кудысьці сышоў, і яна падумала:
мабыць, у Выселкі, трэба ж прасіць у каго каня, даць рады
той выспе. Іншыя ўжо адсеяліся, а яны не маглі яшчэ ўзараць.
Васіль Быкаў “Знак бяды”

Сіры цаніла беззаганнасьць – тую, якую можна было памераць.
Стыў Айлет “Пісталет Сіры”


Ну, вось і выйшаў “Канец словаў” – каляндар з выявамі сучасных беларускіх літаратараў ... )
(53 comments | Leave a comment)

Thursday, June 18th, 2009

ТОЕ-СЁЕ ПА ПУНКТАХ

1. Убачыў сёньня парачку – хлапец і дзяўчына, якім трохі больш за 20 гадоў. Яны б і ня выклікалі ў мяне нейкай асаблівай цікавасьці, каб у дзяўчыне я не пазнаў адну сваю колішнюю выпускніцу. Я ведаў, што яна пасьпела пабыць замужам за адным маім выпускніком, а потым (ці не праз год) разьвялася. Таму мне вельмі цікава было паглядзець на яе цяперашняга кавалера. Я, як вы мабыць здагадаліся, не жанчына, але мне здаецца, што пакахаць вялікую валасатую радзімку на шчацэ трэба прымудрыцца. Ці можа напраўду любовь зла?

2. Верагодна, я доўга жыў на іншай плянэце, дзе ўсё было ружовым, пухнатым і ў чакалядзе. Таму дужа ўразіўся, калі сёньня ўгледзіў бамжа, які выцягваў са сьметніцы плястыкаўкі зь недапітым квасам і пераможна пераліваў яго ў сваю бутэльку, завяршаючы яе напаўненьне па самае рыльца. Каб і хацеў параўнаць такога бедака з рупліваю пчалой, ды нешта язык не паварочваецца.

3. Адна знаёмая дзяўчына напісала, што фатограф запрасіў яе паздымацца. Цэлая фотасэсія сапраўдная мяркуецца. Параіў быць асьцярожнай і распавесьці пра гэта ня толькі мне, але і больш блізкім людзям. А як такое не параіць, калі ў партфоліо фатографа ёсьць здымкі з мадэлькай вельмі падобнай на гэтую маю знаёмую дзяўчыну?!

4. Ужо разоў колькі у нашых аўтобусах-тралейбусах назіраў дзяўчыну з чырвонай ад доўгага перабываньня на сонцы скурай і выбеленымі сонцам валасамі. Па абрысах цёмна-малінавых вуснаў цягнецца сьветла-чырвоная пасачка – сьлед жарлівых пацалункаў ці то каханага чалавека, ці то каведнага ветру. Тварам яна рыхтык Ума Турман. Штораз я сябе стрымліваю, каб не ўсьміхнуцца і не сказаць: "Прывет, Умачка". Каго ёй нагадваю я, нават цяжка варажыць. Тое, што яна мяне запомніла, чамусьці не выклікае сумневу. Клініка, праўда ж?
(20 comments | Leave a comment)

Monday, June 8th, 2009

UMA THURMAN NEGRA



via [info]_nikolya_ & [info]anthropology_ru
(8 comments | Leave a comment)

Sunday, May 17th, 2009

ТРАЛЕЙБУС 1977

Бясконцы дождж. Горад у фарбах сьвінцовых адценьняў. Я вяртаўся зь бібліятэкі і на прыпынку ля ўнівэрсытэта транспарту шпарка ўскочыў у першы-лепшы тралейбус, каб даехаць адзін прыпынак, дзе з патрэбным транспартам трохі лаўчэй. Ускочыў і адразу ж зразумеў, што зьяўляюся адзіным пасажырам. У грудзёх імгненна зьявілася трывога, якая сваімі каранямі сягала часоў савецкага дзяцінства. Вочы таропка адшукалі нумар тралейбуса. Гэта была чатырохзначная лічба, што пачыналася з двойкі. Я з усьмешкай выдыхнуў трывогу вонкі. А магла ж быць лічба "1977", каб ужо сеў у такі тралейбус і ніколі ня вылез, зьехаўшы ў сьмерць. Усё дакладна так, як у змрочных гісторыях савецкага дзіцячага фальклёру.
(22 comments | Leave a comment)

Friday, May 15th, 2009

КАРОЛЬ І БЛАЗАН

Рыхтаваў гістарычна-музычную віктарыну і напаткаў вось такую фатаграфію Элвіса Прэсьлі часоў яго службы ў амэрыканскай арміі на базе ў Заходняй Нямеччыне (1958-1960 гг.):

Элвіс Прэсьлі

Ніяк ня мог зразумець, што мяне ў гэтым здымку бянтэжыць. Спачатку падумалася, што шапка. Але потым дапяў, што ўсё значна больш занядбана:)

+1 фота )
(20 comments | Leave a comment)

Thursday, May 14th, 2009

ІНШАЯ ПЛЯНЭТА

Міжволі параўноўваючы Гомель і Мінск, у чарговы раз прыходзіш да высновы, што Мінск - гэта іншая плянэта.
(34 comments | Leave a comment)

Sunday, April 26th, 2009

ЛЕПШ ЗА РАСЕЙЦАЎ

Учора ў ІРА краем вуха падслухаў фразу, кінутую жанынай, што прадавала мэтадычную літаратуру: "Белорусы знают русский язык лучше самих русских". Я толькі пацепнуў плячыма ды пасьміхнуўся з гэтага голасу народнага. Выказанае жанчынай цьверджаньне мне падалося скраем суб'ектыўнасьці і палітычнай верлавокасьці, як сказаў бы герой Андрэя Мрыя. "Надта далёкая яна ад веданьня рэчаіснасьці", - падумаў я, і вочы мае зазьзялі клясычна ленінскім прищуром, выпраменьваючы думкі пра сапраўдны стан тутэйшай расейскамоўнай пісьменнасьці.

Белорусы знают русский язык лучше самих русских

Па дарозе на абед я натрапіў на цудоўнае дакумэнтальнае сьведчаньне гэтай самай пісьменнасьці - рэклямны плякат спартовага цэнтру. Ён адразу выбіваўся з колеравай гамы астатніх, бо быў няпроста чорна-белым, а да таго ж надрукаваным на звычайным струменьчыкавым прынтэры. Спачтаку мне ўвогуле здалося, што гэтай фэйк, чыйсьці жарт. Але на плякаце красаваў сіні дазвольны штамп "Управы па працы з жыхарствам". Зьмест абвесткі можаце ацаніць самі. Якую адзнаку вы паставілі б аўтару тэксту і таму чалавеку, які даў дазвол на вывешваньне падобнага шэдэўру расейскамоўнай пісьменнасьці?
(12 comments | Leave a comment)

Tuesday, April 14th, 2009

РАЗНАРАДКА-1937

Уявім сытуацыю. Аднойчы раніцой вы прачнуліся ў БССР сярэдзіны 1930-х гадоў і разумеце, што працуеце ў НКВД. Пры гэтым ваш соцыя-культурны досьвед узьмежку ХХ-ХХІ стагодзьдзяў нікуды не зьнік. Вы ідзеце на працу і атрымліваеце ад начальства разнарадку на дзень - расстраляць ня менш за дзесяць нацдэмаў. Пытаньне: ці выканалі б вы гэткую разнарадку?
(28 comments | Leave a comment)

Wednesday, March 18th, 2009

ТОЛЬКІ ЯНА

Сёньня адзін хлапец спытаў, ці памятаю я сваё васемнаццацігодзьдзе. Мне давялося напружваць мозг, каб згадаць (падлічыць), у якім годзе гэта было. Атрымалася, што ў 1995-м. Далей жа напружваць мозг выявілася заняткам бессэнсоўным - свой васямнаццаты дзень нараджэньня я так ня ўспомніў. Перад вачыма стаяла толькі Пагоня...
(9 comments | Leave a comment)

Monday, March 16th, 2009

МАСКІРОВАЧКА

Аляксандар Лаўрэнавіч Балахонаў Сяргей Аляксандравіч Балахонаў

На першым здымку мой бацька падчас службы ў савецкім войску пад Волагдай (1973-1975 гг.). На другім - я ўласнай пэрсонай у час перадыху ад службы ва ўнутраных войсках Беларусі (2000 г.). Мне вельмі карцела тады зрабіць рэмэйк паводле бацькінай армейскай фатаграфіі. І я яго зрабіў. Атрымліваецца, што гэта было зроблена за восем гадоў да канцэптульнага праекту "Бацькі і дзеці: Generation gap адмяняецца?" мультымэдыйнага часопісу "34".
(17 comments | Leave a comment)

Sunday, March 1st, 2009

ЗЬЕДЛІВЫЯ ПАХМЫЛКІ ТВОРЦАЎ

Быў бы сапраўдным праваслаўным, папрасіў бы ва ўсіх прабачэньня.
Быў бы сапраўдным мусульманінам, цешыўся б шэсьцем месяца Рабіуль-Аўвал і блізінёй дня народзінаў прарока Мухамэда.
Быў бы сапраўдным язычнікам, гукаў бы вясну і паглынаў бы гарачыя сонцы з патэльні.
Зрэшты, нічога гэта не засьцерагло б ад зьедлівых пахмылак з боку Творцаў.
Хіба ты не адчуваеш іх хітрыя позіркі на сабе?
(3 comments | Leave a comment)

Friday, February 27th, 2009

ОРИЕНТАЦИЯ FORGOTTEN

Ня ведаю, як вы, але я ў гэтых дзьвюх песьнях чую пэўнае падабенства.




Песенька Аўрыл Лавін была напісана раней за песеньку Лаліты Міляўскай.
(21 comments | Leave a comment)

Tuesday, November 18th, 2008

СКАРПІЁН І ЖАБКА

Адна асоба дала пра сябе знаць. Ня буду казаць, дзе і як. Але яе рэпліка прымусіла мяне прыгадаць прыпавесьць пра жабку і скарпіёна.

Scorpion & Frog

Неяк жабка адпачывала на беразе вялікай ракі. Да яе падыйшоў скарпіён, яком трэ' было перабрацца на другі бераг.
– Перавязі мяне праз раку, – папрасіў ён у жабкі.
– Я падобная на вар'ятку?! – захвалявалася тая. – Ты сядзеш на мяне, а як толькі я адплыву, ты мяне ўджаліш.
– Яснавяльможная жабка, – пачціва мовіў скарпіён, – калі я цябе ўджалю, ты патонеш, а значыць і я сам пайду на дно, бо плаваць ня ўмею. А паміраць мне зусім ня хочацца.
Жабка разважыла, і ёй падалося, што аргумэнтацыя скарпіёна не пазбаўленая рацыі. Таму яна дазволіла скарпіёну сесьці сабе на сьпіну і паплыла.
Калі яна былі на сярэдзіне ракі, скарпіён усё-ткі ўджаліў жабку. Паміраючы, яна спыталася:
– Навошта ты гэта зрабіў? Ты ж загінеш разам са мной?
– Бо я скарпіён, – спакойна адказаў ейны пасажыр.

Фота: illmatic
(15 comments | Leave a comment)

Monday, October 27th, 2008

СОНЦА ВАКОЛ

Homo neanderthalensis: рэканструкцыя выгляду нэандэртальскай жанчыны

Гледзячы на гэтую рэканструкцыю выгляду нэандэртальскай жанчыны, міжволі цешышся думкай: добра, што бальшыню майго штодзённага атачэньня складаюць не нэандэрталкі, а удасканаленыя краманьёнкі, падобныя, прыкладам, на беларускую мадэльку Таню Рынеўскую:

Таня Рынеўская Таня Риневская Tania Ryneuskaja Tanya Rinevskaja
(35 comments | Leave a comment)
Previous 20