1. Убачыў сёньня парачку – хлапец і дзяўчына, якім трохі больш за 20 гадоў. Яны б і ня выклікалі ў мяне нейкай асаблівай цікавасьці, каб у дзяўчыне я не пазнаў адну сваю колішнюю выпускніцу. Я ведаў, што яна пасьпела пабыць замужам за адным маім выпускніком, а потым (ці не праз год) разьвялася. Таму мне вельмі цікава было паглядзець на яе цяперашняга кавалера. Я, як вы мабыць здагадаліся, не жанчына, але мне здаецца, што пакахаць вялікую валасатую радзімку на шчацэ трэба прымудрыцца. Ці можа напраўду любовь зла?
2. Верагодна, я доўга жыў на іншай плянэце, дзе ўсё было ружовым, пухнатым і ў чакалядзе. Таму дужа ўразіўся, калі сёньня ўгледзіў бамжа, які выцягваў са сьметніцы плястыкаўкі зь недапітым квасам і пераможна пераліваў яго ў сваю бутэльку, завяршаючы яе напаўненьне па самае рыльца. Каб і хацеў параўнаць такога бедака з рупліваю пчалой, ды нешта язык не паварочваецца.
3. Адна знаёмая дзяўчына напісала, што фатограф запрасіў яе паздымацца. Цэлая фотасэсія сапраўдная мяркуецца. Параіў быць асьцярожнай і распавесьці пра гэта ня толькі мне, але і больш блізкім людзям. А як такое не параіць, калі ў партфоліо фатографа ёсьць здымкі з мадэлькай вельмі падобнай на гэтую маю знаёмую дзяўчыну?!
4. Ужо разоў колькі у нашых аўтобусах-тралейбусах назіраў дзяўчыну з чырвонай ад доўгага перабываньня на сонцы скурай і выбеленымі сонцам валасамі. Па абрысах цёмна-малінавых вуснаў цягнецца сьветла-чырвоная пасачка – сьлед жарлівых пацалункаў ці то каханага чалавека, ці то каведнага ветру. Тварам яна рыхтык Ума Турман. Штораз я сябе стрымліваю, каб не ўсьміхнуцца і не сказаць: "Прывет, Умачка". Каго ёй нагадваю я, нават цяжка варажыць. Тое, што яна мяне запомніла, чамусьці не выклікае сумневу. Клініка, праўда ж?