
Сёньня сьнілася страляніна на даху нейкага шматпавярховіка. Выразна бачыліся кулі ў сваім пякельным палёце. На гэты раз стралялі не па мне, а я сам у кагосьці выпускаў абоймы. Зрэшты, не зусім зразумела, зь якой трапнасьцю гэта адбывалася. Але па абуджэньні ў чарговы раз згадаўся даўні эпізод з майго даволі спакойнага жыцьця.
Было гэта недзе ў канцы 1980-х гг., калі я вучыўся клясе ў сёмай. Заняткі адбываліся ў другую зьмену. Замест апошняга ўрока быў ці то клясны час, ці то проста наш клясны кіраўнік Марк Аронавіч замяняў кагосьці з настаўнікаў. Нашая доблесная невытлумачальная "Г" кляса сядзела ў кабінэце 4-10 (чацьверты паверх) і выконвала нейкае заданьне. У кабінэце было тры вялікіх вакна, якія выходзілі на бакавую частку школьнага двара з "гарадком" для вывучэньня правілаў адрожнага руху і, як я разумею зараз, з палігончыкам грамадзянскай абароны. Дрэвы, калі і расьлі, дык былі зусім маленькімі, бо школу толькі-толькі пабудавалі. Таму паміж вокнамі кабінэта 4-10 і шэрай шматпад'езднай дзевяціпавярховай жылой будынінай, што стаяла насупраць на адлегласьці ў 50 мэтраў, не існавла абсалютова ніякіх перашкод. Мы бачылі, як у тым доме сьвяціліся вокны. Адтуль, напэўна ж, бачылі ня толькі бляск школьных вокнаў, але пры жаданьні і тое, што адбывалася ў кабінэтах. Шторы калі і былі, дык адно дзеля прыліку.
Дык вось я са сваім яшчэ дашкольным сябрам сядзеў насупраць сярэдняга вакна, ад якога мяне аддзялялі два рады партаў. Я сядзеў на першым варыянце, калі лічыць ад вакна, і такім чынам захіляў сабою сябра. У адзін з момантаў урока пачуўся рэзкі дзіўны гук, а на нашу парту ўпалі кавалачкі тынкоўкі са сьцяны. Ніхто нічога не пасьпеў зразумець. У верхняй частцы шыбкі сярэдняга вакна мы заўважылі дзірку. Побач з маёй партай аднаклясьнікі знайшлі маленькую аплаўленую "жалязячку". Адразу ўзьнікла здагадка, што нехта з суседняга дома пульнуў па школьных вокнах з самастрэлу. Напэўна, я быў зьлёгку прыгаломшаны гэтым здарэньнем, і зусім не памятаю, як на ўсё адрэагаваў клясны кіраўнік. Невядома, ці разьбіралася з гэтым інцыдэнтам міліцыя. Прынамсі, нікога з нас міліцыянты не апытвалі. Дзірка ж у шыбцы красавала яшчэ досыць доўгі час. Каб не выпускаць цяпло, яе замазалі плястылінам. Тады ня думалася, падумалася значна пазьней: калі б "жалязячка" ударыла мне ў скронь, то ніякі плястылін бы ўжо не дапамог.
Такія згадкі.