Wednesday, December 31st, 2008

СЬЦІСЛА ПРА КУЛЬТУРНЫЯ ВЫНІКІ ГОДА

Некаторыя вынікі культурнага жыцьця краіны ў 2008 г., убачаныя мной з гомельскай вежы.

Лепшыя літаратурныя творы
За фантастычнае спалучэньне экшана, лірызма і патаса нацыянальнага:
– раман Людмілы Рублеўскай "Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію" (публікацыя ў часопісе "Дзеяслоў")
– раман Максіма Клімковіча і Ўладзімера Сьцяпана "Цень анёла" (публікацыя ў часопісе "Маладосць")

Пісьменьнік года
За плённую творчасьць і прынцыповую нефлюгернасьць:
– Альгерд Бахарэвіч

Кніга года
За ўдалы працяг традыцыі сярэднявечнага ізборніцтва:
– зборнік эсэістыкі і паэзіі Марыі Мартысевіч "Цмокі лятуць на нераст" (выдвецтва "Логвінаў")

Літаратурны кур'ёз года
За сьмех Ціма Талера:
– верашаваная падборка Андрэя Хадановіча "Дом творчасьці. Выбраныя месцы перапіскі з фрэндамі" (публікацыя ў часопісе "ARCHE")

Літаратурны сайт года
За тэхнічны прагрэс і своечасовасьць:
Літаратурнае радыё

Песьні года
За пранікнёную лірыку, афарыстычнасьць, мэлядызм і няскоранасьць духу:
"Адыходзяць караблі" рэпэра Vinsent'а
"Адліга" гурту J:МОРС

Радыёпраект года
За актуалізацыю блізкай айчынай музычнай гісторы:
цыкль перадач "Новая зямля" журналіста радыё Unistar Віталя Сямашкі, прысьвечаны беларускаму рок-андэграўнду 1960-1970-х гг.

У прынцыпе ёсьць відэавэрсія падвядзеньня гэтых вынікаў. Але, калі відэа было адзьнята і адфарматавана для выкладваньня на Yuotube.com, падчас апошняга кантрольнага прагляду выявілася памылка – я пераблытаў адно прозьвішча. Таму ролік выкладваць ня буду.
(2 comments | Leave a comment)

Tuesday, December 30th, 2008

ПРОСТА, ЯК У РЫМШЫ...

Месеца генуара, по-гебрейску тебет, просто стычень
Рабіў паралельна некалькі справаў у аўральным рэжыме. Стаў здагадвацца, што 2008 г. будзе няпростым. Пераклаў на беларускую бітлоўскую "Yesterday", а на нямецкую – энэрэмаўскую "Катуй-ратуй".

Месеца февраля, по-гебрейску себат, просто лютый
Памёр мой дзед Лаўрэн, меўшы за сьпінай амаль 81 год жыцьця. На пахаваньні я так і ня здолеў заплакаць. Дапамагаў выносіць труну з кватэры, а потым з аўтобуса да могілак (хавалі ня ў Гомелі, а ў адселенай вёсцы Рэчкі). Шмат думаў пра жыцьцё, сьмерць і радзіму (з маленькай літары). Пры канцы месяца паступіла цікавая прапанова, на якую я пагадзіўся і, па вялікім рахунку, не шкадую. А яшчэ ў супольнасьці з фрэндамі дапамагаў дзецям.

Месяца марта, по-гебрейску адар, просто марець
Ублытаўся ў сацыяльныя сеткі. На карпаратыўнай вечарынцы натанчыўся столькі, колькі ня танчыў усё мінулае жыцьцё. Пытаў у розных ляляў пра боршч. Мая аповесьць "Пятля зацятасьці" пачала ўдзельнічаць у літаратурным конкурсе РС.

Месяца априля, по-гебрейску нисан, просто кветень
Мне 31. Самы салодкі пацалунак (крадком). Морсаўскі "Супермарио" ў маім перакладзе.

Месяца мая, по-гебрейску ияр, просто маи
Дапамог незнаёмай дзяўчыне пазбавіцца ад увагі п'янага хлапца. Мая аповесьць "Пятля зацятасьці" перамагла ў конкурсе. Правёў adsl. Удзельнічаў у эстафэце на ровары без тармазоў.

Месяца июня, по-гебрейску сыван, просто чырвец
На выпускным сьпяваў "На памяць аба мне" Віртуальных тэхналёгіяў. Шмат танчыў. Самы файны выпускны за ўсё маё настаўнічаньне. Пераклаў радыёхэдаўскую "Creep", насьмяшыў расейскіх эмо ранейшым перакладам токіёгатэлеўскай "Rette mich", пацешыў землякоў перапеўкамі пра коцікаў. Перагарнуў старонку ў дачыненьнях з Малой.

Месяца июля, по-гебрейску тамуз, просто липец
Пераймаўся з нагоды менскіх падзеяў. Радаваўся посьпеху маёй алімпіядніцы на ЦТ. "Пляжыўся" і рабіў высновы. Пісаў раман (каторае лета запар). Мудрагеліў лімэрыкі пра беларускіх літаратараў. Езьдзіў у Чарнігаў.

Месяца августа, по-гебрейску аов либо ав, просто серпень
Не хацеў расейска-грузінскай вайны. "Адкапаў" дзесятку старадаўніх беларускіх жартаў. Песьня Termin X "Чароўны мур" (Oasis-Wonderwall cover), да зьяўленьня якой я спрычыніўся (перакладам тэксту), увайшла ў тузін лепшых песень сэзону 2007/2008 у выніку галасаваньня на "Тузіне гітоў". Не разумеў каляжанак. Адмовіўся ад некалькіх прапаноў. Навучыўся слушна ўжываць гарэлку. Езьдзіў у Менск.

Месяца сентебра, по-гебрейску елюль, просто вресень
Стаў патроху фоткаць, завёў акаўнт на Flickr.com. Чакаў запуску вялікага адроннага калайдэра. Праз відэазварот адмовіўся фатаграфавацца аголеным для літатаратурна-эратычнага календара. Пакаштаваў бульбу прыгатаваную датуль невядомым мне спосабам. Быў шакаваны крывадушнасьцю сумнавядомай асобы. Пачаў рабіць відэакарацелькі пра Мыша і кампанію. На выбарах галасаваў за спадара Супраць Усіх.

Месяца октовриа, по-гебрейску тышри, просто паздерник
Сьпяваў "О тебе" Стаса П'ехі. Абнародваў кароткую гісторыю ідэі беларускага эратычна-літаратурнага календра. Працягваў гуляцца зь лялькамі.

Месяца ноемврия, по-гебрейску маргеусам, просто грудень
Хадзіў на канцэрт NRM. Упершыню за мноства гадоў стаў глядзець сэрыял ("Ранеткі"). Праігнараваў прапанову Малой памірыцца. Працягваў гуляцца зь лялькамі.

Месяца декавриа, по-гебрейску хашлеу, просто просинец
Пісаў розныя эсэ для ўласнага сайта. Езьдзіў у Калінкавічы. Іграў султана Аль Бабэта, сьпяваў пра султанскае жыцьцё на матыў песьні "2 вайны" Слота. Чакаў канца гэтага года.
(11 comments | Leave a comment)

Friday, January 18th, 2008

ОРДЭН ЖОЎТАГА ДЗЯТЛА

Насішку пужала іншае: у лялькі, відаць, быў упарты
і задзірысты характар, пра ўсё яна думала на свой
капыл, і ёй, мабыць, падабалася казаць глупствы.
Мантэйру Лабату


Гэтым разам я пастанавіў адмовіцца ад падвядзеньня культурных вынікаў году ў звыклым для бальшыні айчынных мэдыяў фармаце. Гэтым разам я вырашыў пераплюнуць нават самога сябе з маёй леташняй скарбніцай суб'ектыўнасьці. Гэтым разам я бяруся падзяліцца з Вамі, мае родненькія, уласным бачаньнем пэўных зьяваў культуры Беларусі 2007 года, якія – круці, не круці – маюць налёт жаўціні, бульварнасьці, скандалёзнасьці. Узяўшыся за гэткі гуж, Ваш пакорлівы а найніжэйшы служка намагаўся зірнуць на культуру ў шматстайнасьці ейных абліччаў. Ацэнкі, хаця і даюцца ў рэчышчы вялікай постмадэрнісцкай гульні, але ўгрунтаваныя на маім уласным разуменьні нацыянальнага ці, калі хочаце, эраса нацыянальнага. Ацэнка мастацкай вартасьці разгляданых твораў ці маральнасьці ўчынкаў прыпамінаных культурных герояў пакідаецца за Вамі, шаноўныя чытачы. Панеслася!

Вельмі шмат літараў )

Адначасова тэкст зьмяшчаецца на сайце "Тэзэй беларускага постмадэрнізму".
(8 comments | Leave a comment)