| balachon ( @ 2008-04-08 19:06:00 |
| Current location: | Галацічаск |
| Current music: | Ірына Сапунова - Песня Марыны |
| Entry tags: | КІНО, МУЗЫКА, НЕМЦЫ, ПАЭЗІЯ |
ТОЛЬКІ ЗЬ ПЕСЬНЯЙ ЦЯБЕ ПАРАЎНАЮ, або I WANNA BE LOVED BY MARYNA
Я так доўга шукаў гэтую песьню. Вось цяпер, калі знайшоў, зразумеў, што шукаў ня так, як трэ' было шукаць. Гэта "Песня Марыны" зь фільма рэжысэра Мікалая Фігуроўскага "Гадзіннік спыніўся апоўначы" (1958). Марына Казаніч – галоўная гераіня фільма, чыім прататыпам была Алена Мазанік, якая, паводле афіцыйнай гістарыяграфіі, падарвала гаўляйтэра Беларусі Вільгельма Кубэ, падклаўшы гадзіньнікавыя міны ў ягоную пасьцель.
Песьня ўлучана ў адзін з эпізодаў фільма. Немцы ў сваім цалкам абстрактным доме спрабуюць беспасьпяхова спрабуюць злавіць па радыё якую-небудзь музыку. Гаўляйтэр нават дае дазвол на тое, каб ручку настройкі крутнулі на маскоўскую радыёстанцыю, дзе паводле праграмы (ляжала ў кішэні аднаго з афіцэраў) мусіў быць канцэрт беларускай музыкі. Крутнулі на Маскву – патрапілі на нефарматны рэп голасам Левітана пра чарговыя перамогі Чырвонай Арміі. Зьбіраліся разьвітацца з ідэяй спажыць якаснай музычнай прадукцыі, але падвярнулася Марына, якая там была пакаёўкай. Папрасілі прасьпяваць. Пагадзілася. Адзін немец: "Что будзем пець?" Другі на губным гармоніку найграў савецкую "Катюшу". "Найн, толька не Кацюша!" – катэгарычна запярэчыў першы. Галоўная гераіня запяяла песьню, якая ўразіла кіношных фрыцаў, а ў пазафільмовай БССР сталася гітом на доўгія гады. Яна часьцяком гучала па радыё ці не да канца 1980-х гг. Амаль усё маё дзяцінства яна была побач.
Песня Марыны
Музыка Ісака Любана, словы Адама Русака
Не магу я знайсці тое слова,
Каб красу расказала тваю.
Не магу я знайсці тое слова,
Каб любоў расказала маю.
Не магу параўнаць цябе з зоркай,
Бо не свеціць зара над зямлёй.
Не магу параўнаць цябе з кветкай –
Не цвіце ў садзе кветка зімой.
Не магу параўнаць я і з сонцам
Тваіх ясных агністых вачэй,
Бо не свеціць і сонца з нябёсаў
Яркім светам у цемры начэй.
Толькі з песняй цябе параўнаю,
Што у сэрцы сваім берагу.
Тую песню я вечна спяваю,
Без той песні я жыць не магу.
1958 г.
У песьні, дарэчы, пасьля кожных чатырох радкоў гучаць вакалізы, што замяшчаюць прыпеў. Нешта накшталт: "А-а-а-а а-а-а-а а-а-а-а!" Так і карціць параўнаць песьню Марыны Казаніч зь песьняй Даны Кавальчык у фільме Білі Уайлдэра "Some Like it Hot" (1959): " Paah-dum paah-dum doo bee dum, pooooo!" Зрэшты, Дану Кавальчык грала Мэрылін Манро, яна ж і сьпявала. Ролю ж нашай Марыны выконвала Маргарыта Гладунко, а сьпявала іншая жанчына. Калі верыць сеціву, той жанчынай была Ірына Сапунова. На жаль пра сэкс-бомбу Манро я ведаю значна больш:(
Спампаваць: Ірына Сапунова "Песня Марыны" [2,58 Mб]